Авторефераты

Аўтарэфераты дысертацый па археалогіі і гісторыі Беларусі

Аўтарэфераты дысертацый па археалогіі і гісторыі БеларусіХарактарыстыка: Аўтарэферат — адзін з відаў навуковай прадукцыі і гістарыяграфічных крыніц. Гэта кароткі выклад аўтарам асноўнага зместу і вынікаў сваёй дысертацыі. Дысертацыя ўяўляе сабой навукова-кваліфікацыйнае даследаванне, падрыхтаванае да публічнай абароны. Яна павінна ўтрымліваць новыя навуковыя веды, якія сведчаць аб асабістым укладзе аўтара ў навуку, абгрунтаванне рэпрэзентатыўнасці крынічнай базы, суаднясенне высноў з раней вядомымі навуковымі палажэннямі. Дысертацыя афармляецца па строга вызначанай форме і па сваёй структуры блізкая да манаграфіі.

Аўтарэферат дысертацыі на саісканне вучонай ступені кандыдата або доктара навук таксама афармляецца ў строгай адпаведнасці з правіламі. Яго структура адпавядае асноўным палажэнням, сфармуляваным у дысертацыі. У аўтарэфераце вылучаюцца такія раздзелы, як навуковая праблема, яе актуальнасць, мэта, аб’ект і прадмет даследавання, яго метадалагічная аснова, крынічная база, навізна работы. Пасля іх коратка выкладаецца змест работы (дысертацыі) і прыводзіцца яе заключэнне. Аўтарэферат змяшчае спіс публікацый аўтара, надрукаваных па тэме дысертацыі пры яе падрыхтоўцы. Варта мець на ўвазе, што правілы і стандарты з часам змяняюцца. Таму аўтарэфераты дысертацый, падрыхтаваных да абароны ў 1960-я —1970-я гг., па структуры і афармленні некалькі адрозніваюцца ад сучасных.

Варонін, В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Варонін В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове 16 ст. АўтарэфератНазва: Варонін, В. А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 — айчынная гісторыя / В. А. Варонін ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск, 2000. — 19 с.

Характарыстыка: Тэматыка становішча Беларусі і асобных яе рэгіёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім у айчыннай навуцы застаецца адной з самых нераспрацаваных. Тэма дысертацыі раней ніколі не была прадметам самастойнага навуковага даследавання. Вывучэнне пазначанай тэмы дало магчымасць на канкрэтных фактах паказаць становішча аднаго з найцікавейшых з гістарычнага пункту гледжання беларускіх рэгіёнаў у складзе ВКЛ. Мэтай работы з’яўляецца навуковае асвятленне і характарыстыка галоўных тэндэнцый, заканамернасцей і фактаў эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. у іх узаемадзеянні.

Прыняты ў працы рэгіянальны комплексны падыход надзвычай рэдка выкарыстоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы. Разам з дастаткова вузкімі храналагічнымі рамкамі даследавання ён даў магчымасць падрабязна вывучыць галоўныя факты, з’явы і тэндэнцыі гістарычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. Яны закранаюць усе вывучаемыя сферы і дазваляюць у значнай ступені па-новаму зразумець гістарычнае мінулае як Полаччыны, так і Беларусі ў цэлым. Упершыню зроблена спроба вызначыць колькасць i дынаміку змянення насельніцтва вывучаемага рэгіёна; на канкрэтных прыкладах прадэманстраваны істотныя адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва i эканамічным развіцці паўднёвай i паўночнай частак Полацкага ваяводства; высветлены стан i дынаміка развіцця галоўных галін эканомікі, іх арганізацыйныя формы, многія з якіх зафіксаваны ўпершыню; упершыню зроблена спроба статыстычнага вывучэння структуры і галоўных накірункаў эвалюцыі мясцовага землеўладання; прапанаваны новы погляд на палітычны лад і ўнутрыпалітычную барацьбу, асноўныя прынцыпы ўрадавай палітыкі ў дачыненні Полацкага ваяводства.

Вайцяховіч, А.В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў Х–ХІІ стст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Вайцяховіч А.В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў 10–12 стст. аўтарэфератНазва: Вайцяховіч, А. В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў Х–ХІІ стст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / А. В. Вайцяховіч ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2011. — 27 с.

Вывучэнне пахавальнага абраду дае ўяўленне аб дэмаграфіі, этнічных, сацыяльна-эканамічных і ідэалагічных працэсах, якія адбываліся ў старажытных грамадствах. Адсутнасць альбо недахоп інфармацыі пісьмовых крыніц аб пахавальных традыцыях старажытнасці дапаўняюць і канкрэтызуюць археалагічныя крыніцы. Яны адлюстроўваюць такія элементы пахавальнага абраду, як падрыхтоўка памерлага да пахавання, канструкцыю магілы, размяшчэнне пахавання і інвентару, надмагільнае збудаванне. Даследаванні курганных могільнікаў, што праводзіліся з XIX ст. і былі найбольш маштабнымі ў 60–80-я гг. ХХ ст., дазволілі вылучыць пахавальны інвентар і пахавальныя традыцыі асобных славянскіх плямёнаў ва Усходняй Еўропе. Гэтыя працы галоўным чынам разглядалі пахавальны абрад у кантэксце развіцця этнічных узаемаадносін. Назапашаны матэрыял дазваляе вылучыць і іншыя накірункі вывучэння развіцця пахавальнага абраду.

Клімаў, М.В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х — сярэдзіны ХVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Клімаў М.В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х - сярэдзіны ХVI ст. аўтарэфератНазва: Клімаў, М. В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х — сярэдзіны ХVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / М. В. Клімаў ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2005. — 20 с.

Характарыстыка: Неўмацаваныя вясковыя паселішчы сярэдневяковага перыяду на Беларусі пачалі актыўна вывучацца з 1970-х гг., а сельская акруга Полацка — з другой паловы 1980-х гг. У дысертацыі, прысвечанай вясковым паселішчам, вырашаюцца пытанні характару рассялення ў акрузе Полацка, класіфікацыі і асаблівасцей развіцця сельскіх пасяленняў, узаемаўплыву вясковых паселішчаў і горада. Даследаванне ахоплівае значны храналагічны перыяд: Х–ХVI стст. Яно грунтуецца на археалагічных, дакументальных, картаграфічных, этнаграфічных і айканімічных крыніцах.

М.В. Клімавым упершыню дано навуковае абгрунтаванне паняцця «акруга Полацка», акрэслена бліжняя і дальняя акругі горада. Зроблена рэканструкцыя сістэмы і тыпаў рассялення ў акрузе Полацка з Х да сярэдзіны ХVI ст., вылучаны гнёзды помнікаў і праведзена іх суаднясенне з тэрытарыяльнымі абшчыннымі структурамі. Упершыню дана рэканструкцыя планіроўкі і забудовы феадальнай сядзібы неўмацаванага тыпу, прыведзены асноўныя характарыстыкі яе матэрыяльнай культуры і параўнанне з матэрыяльнай культурай такіх помнікаў, як сяло, феадальная сядзіба замкавага тыпу, горад.

Дук, Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння): аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Дук Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. аўтарэфератНазва: Дук, Д. У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння) : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / Д. У. Дук ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2004. — 23 с.

Характарыстыка: Да 1980-х гадоў айчынная археалогія практычна не вывучала аб’екты, створаныя пасля старажытнарускага («княжацкага») часу. Матэрыяльная культура позняга сярэдневякоўя і новага часу атрымала даволі абмежаванае асвятленне ў гістарыяграфіі. Назапашванне археалагічнага матэрыялу ХVI–ХVIII стст. з археалагічных раскопак дало магчымасць даследаваць развіццё рамяства і ўмовы жыцця насельніцтва Полацка ў ХVI–ХVIII стст., вызначыць асаблівасці матэрыяльнай культуры палачан, прасачыць дынаміку распаўсюджвання культурных навацый у побытавай культуры. У дысертацыі ў навуковае абарачэнне ўведзена вялікая колькасць груп археалагічных крыніц. У матэрыяльнай культуры палачан упершыню прапанаваны падзел на этапы развіцця мастацкіх стыляў Рэнесанса, маньерызма, барока і класіцызма. Праведзена атрыбуцыя геральдычных выяў з кафлі, што дазволіла лакалізаваць размяшчэнне ў Полацку шэрагу феадальных сядзіб прадстаўнікоў полацкага патрыцыяту і шляхты. Сістэматызаваны і апрацаваны масавыя катэгорыі ганчарнай вытворчасці (архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, посуд, дробныя керамічныя групы), кавальскія і ювелірныя вырабы, рэчы са шкла, дрэва, скуры, каменю і косці. Праведзена рэканструкцыя побыту асноўных сацыяльных груп насельніцтва ХVI–ХVIII стст.

Чараўко, В.У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў: аўтарэферат дысертацыі

Чараўко В.У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў аўтарэфератНазва: Чараўко, В. У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў : аўтарэферат дысертацыі … канд. гіст. навук: 07.00.06 — археалогія / В. У. Чараўко ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2019. — 26 с.

Характарыстыка: Пахавальны абрад насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. і яго матэрыяльнае ўвасабленне ў пахавальных помніках застаюцца найменш вывучанымі ў параўнанні як з папярэдняй, так і з наступнай эпохамі. Познесярэдневяковыя пахавальныя помнікі Беларусі да канца ХХ ст. даследаваліся пераважна ў выніку выпадковага выяўлення. Толькі ў 1990-х гг. яны былі асэнсаваны як самастойны прадмет археалагічнага даследавання. Дысертацыя з’яўляецца першай комплекснай работай, прысвечаный пахавальным помнікам этнакультурнага рэгіёна Беларусі ХIV–ХVIII стст.