Клімаў, М.В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х — сярэдзіны ХVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Клімаў М.В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х - сярэдзіны ХVI ст. аўтарэфератНазва: Клімаў, М. В. Вясковыя паселішчы ў акрузе Полацка Х — сярэдзіны ХVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / М. В. Клімаў ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2005. — 20 с.

Характарыстыка: Неўмацаваныя вясковыя паселішчы сярэдневяковага перыяду на Беларусі пачалі актыўна вывучацца з 1970-х гг., а сельская акруга Полацка — з другой паловы 1980-х гг. У дысертацыі, прысвечанай вясковым паселішчам, вырашаюцца пытанні характару рассялення ў акрузе Полацка, класіфікацыі і асаблівасцей развіцця сельскіх пасяленняў, узаемаўплыву вясковых паселішчаў і горада. Даследаванне ахоплівае значны храналагічны перыяд: Х–ХVI стст. Яно грунтуецца на археалагічных, дакументальных, картаграфічных, этнаграфічных і айканімічных крыніцах.

М.В. Клімавым упершыню дано навуковае абгрунтаванне паняцця «акруга Полацка», акрэслена бліжняя і дальняя акругі горада. Зроблена рэканструкцыя сістэмы і тыпаў рассялення ў акрузе Полацка з Х да сярэдзіны ХVI ст., вылучаны гнёзды помнікаў і праведзена іх суаднясенне з тэрытарыяльнымі абшчыннымі структурамі. Упершыню дана рэканструкцыя планіроўкі і забудовы феадальнай сядзібы неўмацаванага тыпу, прыведзены асноўныя характарыстыкі яе матэрыяльнай культуры і параўнанне з матэрыяльнай культурай такіх помнікаў, як сяло, феадальная сядзіба замкавага тыпу, горад.

Пад акругай разумецца аб’ектыўна сфармаваная сацыяльна-эканамічная адзінка тэрыторыі, якая забяспечвала жыццядзейнасць пэўнага цэнтра: пагоста, абшчыны, воласці, горада. Межы акругі Полацка на працягу Х–ХVI стст. не былі статычнымі. Паняцце акругі ўключала бліжнюю і дальнюю тэрыторыі. Бліжняя акруга Полацка адлюстроўвала шчыльныя сувязі палачан з сельскай гаспадаркай і павялічвалася з ростам гарадскога насельніцтва. Жыхары Полацка за межамі горада мелі ўласныя землі, агароды, пашы і сенакосы. Патрэба горада ў сельскагаспадарчай прадукцыі спрыяла ўтварэнню паселішчаў-спадарожнікаў. Вакол Полацка канцэнтраваліся пасяленні, жыхары якіх спецыялізавалася на «варцы» жалеза для патрэб горада. Дальняя тэрыторыя з ХII да ХVI ст. заставалася амаль без зменаў і адпавядала тэрыторыі Полацкага княства-ўдзела. У пісьмовых крыніцах ХV–ХVI стст. ёй адпавядалі найменні Полацкай зямлі, павета, воласці.

На рассяленне ў акрузе Полацка аказваў уздзеянне шэраг фактараў. Вялікае значэнне мелі прыродныя ўмовы. Узгорысты рэльеф мясцовасці з балатавінамі, значнымі масівамі лесу і разгалінаванай рачной сеткай не спрыяў раўнамернаму засваенню рэгіёна. Пэўныя мікрарэгіёны ў акрузе Полацка ў Х–ХVI стст. не засяляліся, што можна тлумачыць непрыдатнымі для пражывання ўмовамі. З іншага боку, шэраг паселішчаў розных эпох (неаліт, ранні жалезны век, ранняе і позняе сярэдневякоўе) размяшчаўся на адных і тых жа месцах. Натуральнай мяжой паміж мікрарэгіёнамі, дзе канцэнтраваліся «гнёзды» паселішчаў, выступалі лясныя масівы і забалочаныя тэрыторыі.

Пры рассяленні ўвага надавалася наяўнасці вадаёмаў і ўрадлівых глебаў. Важным фактарам была наяўнасць балотных ці лугавых рудаў. У акрузе Полацка вылучаны два асноўныя тыпы засялення: прыбрэжны і водападзельны. Асноўным з’яўляўся прыбрэжны тып. Ва ўмовах значнай лясістасці і забалочанасці вадаёмы спалучалі функцыі сродку камунікацыі і дадатковай крыніцы атрымання ежы. Прыбрэжны тып уключае два падтыпы: прырэчны і прыазёрны. Найбольшая храналагічная ўстойлівасць у існаванні пасяленняў назіраецца на азёрах, што тлумачыцца больш урадлівымі глебамі. У ХIV–ХVI стст. пры засваенні новых тэрыторый павялічваецца роля пасяленняў на водападзелах. Іх асаблівасцю з’яўляецца прымеркаванасць да водных крыніц (ручаін). Пры заснаванні такіх паселішчаў будаваліся калодзежы, што дазваляла засвойваць высокія берагі вадаёмаў.

Большая частка паселішчаў мела плошчу 1–4 тысячы квадратных метраў, што адпавядае маладворным пасяленням. Маладворнасць тлумачыцца абмежаванасцю прыродных рэсурсаў і падсечна-агнявой сістэмай земляробства. Разам з тым, невялікія паселішчы з’яўляліся аптымальнымі пры рассяленні, таму складалі значную вагу сярод селішчаў, заснаваных і ў ХI–ХII, і ў ХV–ХVI стст. Пераважная большасць паселішчаў з плошчай больш за 10 тысяч квадратных метраў канцэнтруецца па берагах азёраў і існуе працяглы перыяд. Сярэдні памер вясковага двара складаў каля 571 квадратнага метра.

У канцы XIII ст. шэраг паселішчаў заняпаў, што трэба звязваць з неспрыяльнымі кліматычнымі зменамі. Адбываецца ўтварэнне невялікіх паселішчаў шляхам аддзялення ад вялікіх. У ХV–ХVI стст. у акрузе Полацка пачалі актыўна ўзнікаць новыя паселішчы, што адлюстроўвае ўнутраную каланізацыю і змяншэнне лясных абшараў. У ХIV–ХVI стст. захоўвалася гнездавая сістэма рассялення. Паселішчы працягвалі канцэнтравацца каля азёраў і рэк як месцаў, найбольш спрыяльных для пражывання. Зыходзячы з гэтага, «гнёзды» паселішчаў трэба разглядаць не як сацыяльныя, а як тэрытарыяльныя абшчынныя структуры. З іншага боку, па прычыне існавання значнай праслойкі вольных, «пахожых» сялян узнікалі часовыя, маладворныя паселішчы (у асноўным на пусташах).

На аснове матэрыялаў з феадальнай сядзібы Лучна-1 у ХI–ХVI стст. на тэрыторыі акругі Полацка вылучаны тып феадальных сядзібаў неўмацаванага тыпу. Стратыграфія падобных помнікаў адрозніваецца ад вясковых пасяленняў (сёлаў, сялец). Па матэрыяльнай культуры такія помнікі знаходзяцца паміж горадам і ўмацаванай сядзібай, з аднаго боку, і неўмацаваным вясковым пасяленнем, з другога. На раннім этапе адрозненні паміж матэрыяльнай культурай вёскі і феадальнай сядзібы былі мінімальнымі, на познім этапе яны значна павялічыліся.

Фармат: Pdf.

Памер: 1,38 MB.

СПАМПАВАЦЬ АЎТАРЭФЕРАТ = СКАЧАТЬ АВТОРЕФЕРАТ.