Сборники статей и материалы конференций

Зборнікі артыкулаў, матэрыялы і тэзісы канферэнцый па гісторыі

Рубрыка ўтрымлівае змест зборнікаў артыкулаў, матэрыялаў і тэзісаў канферэнцый па гісторыі, гістарычных навуках і дысцыплінах. У некаторых выпадках зборнікі артыкулаў змяшчаюцца цалкам. Глядзі таксама рубрыкі «Гістарычныя часопісы» і «Артыкулы».

МАТЭРЫЛЫ КАНФЕРЭНЦЫЙ І ЗБОРНІКІ АРТЫКУЛАЎ ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


ВЫДАННІ, ЯКІЯ ПРАЦЯГВАЮЦЦА. СЕРЫЙНЫЯ ВЫДАННІ

Беларускае Падзвінне


Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі


Полацкі музейны штогоднік: зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г.

Полацкі музейны штогоднік: зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г.Кніга: Полацкі музейны штогоднік : зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г. / уклад. Т. У. Явіч. — Полацк : [Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік], 2015. — 312 с. ; іл.

Характарыстыка: «Полацкі музейны штогоднік» — зборнік навуковых артыкулаў, што выдаваўся Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам (НПГКМЗ) у 2010–2015 гг. У ім друкаваліся артыкулы навуковых супрацоўнікаў НПГКМЗ, матэрыялы штогадовых канферэнцый на базе музея-запаведніка, а таксама публікацыі, тэматычна звязаныя з гісторыяй матэрыяльнай культуры Полацка. У пятым «Полацкім музейным штогодніку» (за 2014 г.) змешчаны артыкулы І.У. Магалінскага пра прадметы пісьменства з каляровых металаў Х–XVII стст. (у зборах НПГКМЗ), І.Л. Калечыц пра графіці другой паловы XVI–XVIII ст. у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, В.У. Галубовіча пра зладзейства ў Полацку ХVII ст. па матэрыялах полацкіх магістрацкіх кніг, І.А. Бортніка пра праблему ўзаемаадносін дзяржавы і царквы ў сацыяльна-палітычнай думцы Рэчы Паспалітай пачатку ХVII ст., М.М. Баўтовіча пра іерархаў Полацкай праваслаўнай епархіі XVII ст., А.А. Салаўёва пра археалагічныя работы ў гістарычнай частцы Полацка, а таксама шэраг іншых публікацый.

Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі

Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі 2019Зборнік: Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць : да 390-годдзя Сімяона Полацкага (матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі, [Полацк,] 21–22 лістапада 2019 г.) [/ Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік ; уклад. С. У. Гаўрылава.] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. — 242 с.

Характарыстыка: Раз на пяць гадоў на базе Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага адбываецца канферэнцыя, прысвечаная асобе і дзейнасці гэтага асветніка «на мяжы культур». Яна збірае гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і іншых даследчыкаў, якія займаюцца вывучэннем спадчыны Сімяона Полацкага і яго эпохі. У 2019 г. прайшла пятая канферэнцыя з цыкла, прымеркаваная да 390-годдзя асветніка. У зборніку змешчаны артыкулы В.У. Галубовіча пра замах палачан на жыццё архіепіскапа Антонія Сялявы, А.Я. Жукава пра Супрасльскі зборнік 1507 г., І.Л. Калечыц пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы XVII ст., К.А. Смірновай пра Евангелле Васіля Цяпінскага, а таксама публікацыі шэрагу іншых даследчыкаў.

Беларускае Падзвінне-2021: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў

Канферэнцыя Беларускае Падзвінне-2021Зборнік: Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў : зб. арт. V Міжнар. навук. канф., Полацк, 15–16 крас. 2021 г. / Полац. дзярж. ун-т ; пад агульн. рэд. А. І. Корсак (адк. рэд.), В. У. Чараўко, У. Я. Аўсейчыка. — Наваполацк : Полац. дзярж. ун-т, 2021. — 272 с.

Характарыстыка: Зборнік утрымлівае артыкулы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў», арганізаванай Полацкім дзяржаўным універсітэтам. З улікам навуковага мерапрыемства ў фармаце рэспубліканскага семінара (2008), гэта ўжо шосты зборнік канферэнцыі (2011, 2014, 2016, 2018). Зборнік міжнароднай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне» традыцыйна склалі публікацыі па археалогіі, этнаграфіі, гісторыі, мастацтвазнаўству, фізічнай антрапалогіі, краязнаўству Паўночнай Беларусі і сумежных тэрыторый. Асаблівасць зборніка 2021 г. — раздзел «Гісторыя Полацкага езуіцкага калегіума — акадэміі ў сістэме еўрапейскіх адукацыйных традыцый». У ім надрукаваны публікацыі І.А. Бортніка, Т.В. Гарбусь, В.У. Галубовіча, В.Б. Келлер, Г.І. Клімовіч шэрагу іншых вучоных, прысвечаныя розным аспектам функцыянавання Полацкага калегіума — акадэміі, у будынках якога зараз навучаюцца студэнты-гісторыкі Полацкага ўніверсітэта.

У традыцыйна прадстаўнічым раздзеле археалогіі апублікаваны артыкулы А.В. Вайцяховіча, В.А. Емяльянчык, М.В. Клімава, А.А. Кунаша, П.С. Курловіч і іншых навукоўцаў. Там жа змешчаны калектыўны артыкул В.М. Ляўко, І.А. Магалінскага, П.М. Кенько і іншых даследчыкаў пра новыя археалагічныя даследаванні на Верхнім замку ў Полацку ў 2018–2020 гг. Прадстаўнічы этнаграфічны раздзел зборніка ўтрымлівае публікацыі А.У. Абрамчука, Ю.І. Внуковіча, С.А. Мілючэнкава, Г.А. Флікоп-Світа і іншых навукоўцаў пра розныя аспекты духоўнай і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларускага Падзвіння і сумежных рэгіёнаў. У гістарычным раздзеле зборніка апублікаваны артыкулы Н.Г. Балтрушэвіч, І.П. Водневай, Я.А. Грэбеня, С.В. Мяньчэні і іншых даследчыкаў, прысвечаныя гісторыі Полацка і Полацкага рэгіёна ў ХХ ст.

Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі

Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі 2017Кніга: Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 1–2 лістапада 2017 г.) / [Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік] ; уклад. Т. У. Явіч. — Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2019. — 339 с.

Характарыстыка: У 1987 г. у Полацкім гісторыка-археалагічным запаведніку прайшла навуковая канферэнцыя «История и археология Полоцка и Полоцкой земли», назва якой адсылала да семінара «Археология и история Пскова и Псковской земли», запачаткаванага акадэмікам В.В. Сядовым. Канферэнцыя была прымеркавана да 1125-годдзя Полацка. У ёй прынялі ўдзел гісторыкі і археолагі з Масквы і Ленінграда, Кіева і Мінска, Віцебска і Калугі, інтарэсы якіх датычыліся Полацкай зямлі. Канферэнцыя стала першай з серыі навуковых форумаў з агульнай назвай «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі», якія ладзяцца Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам раз на 5 гадоў.

У зборніку VII канферэнцыі «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі», якая адбылася ў 2017 г., надрукаваны артыкулы М.М. Баўтовіча, І.А. Бортніка, В.А. Вароніна, А.В. Вайцяховіча, В.У. Галубовіча, Т.А. Джумантаевай і Т.Д. Рудавай, Д.У. Дука, В.А. Емяльянчык, П.Л. Зыкава і Я.М. Торшына, І.Л. Калечыц, М.В. Клімава і шэрагу іншых гісторыкаў, археолагаў і музеязнаўцаў, якія вывучаюць матэрыяльную і духоўную спадчыну Полацка і Полацкага рэгіёна ад старажытнасці да нашых дзён.

Беларускае Падзвінне-2018: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў

Канферэнцыя Беларускае Падзвінне-2018Зборнік: Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў [Электронны рэсурс] : электрон. зб. навук. арт. ІV міжнар. навук. канф. да 50-годдзя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацк, 19–20 крас. 2018 г. / Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт ; пад агул. рэд. А. І. Корсак. – Наваполацк, 2018. – 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM).

Характарыстыка: Зборнік утрымлівае артыкулы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў», што прайшла 19–20 красавіка 2018 г. у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Рэспубліканскі семінар (2008) і міжнародная канферэнцыя (2011, 2014, 2016, 2018) «Беларускае Падзвінне» традыцыйна збіраюць даследчыкаў у галіне археалогіі, антрапалогіі, этнаграфіі, гісторыі і краязнаўства, якія займаюцца вывучэннем Паўночнай Беларусі. У апублікаваных матэрыялах прыведзены новыя даныя аб гістарычных лёсах, матэрыяльнай і духоўнай спадчыне рэгіёна Беларускага Падзвіння ў шырокім храналагічным кантэксце. У адрозненне ад мінулых канферэнцый, зборнік 2018 г. выйшаў у электронным фармаце.

Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — Вып. 8

Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі Вып. 8Зборнік: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — 2010. — Вып. 8.

Характарыстыка: У 8-м выпуску зборніка «Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі» (2010 г.) друкуюцца навуковыя артыкулы, актуальныя для вырашэння сучасных праблем нацыянальнай культуры. Друкуюцца артыкулы Т.В. Габрусь пра мастацка-стылявыя характарыстыкі іканаграфіі анёлаў у беларускім сакральным жывапісе ХVII–ХVIII стст., У.Я. Аўсейчыка пра фактары эвалюцыі пахавальна-памінальнай абраднасці беларусаў у ХХ — пачатку ХХІ ст., У.А. Лобача пра міфасемантыку дарогі ў беларускай традыцыйнай культуры, Т.А. Навагродскага пра этналагічнае вывучэнне традыцыйнага народнага харчавання беларусаў, а таксама даследаванні шэрагу іншых навукоўцаў.

Старонкі