Ляўко, В.М. Знаходкі сведчаць

Ляўко В.М. Знаходкі сведчацьАртыкул: Ляўко, В. М. Знаходкі сведчаць / В. М. Ляўко // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1980. — № 1. — С. 25–26.

Анатацыя: Узнікненню старажытнага Віцебска спрыялі гандлёва-транзітныя шляхі па Заходняй Дзвіне і зручнае размяшчэнне ўмацаванага пункта, што гарантавала бяспеку. Наяўнасць 2 узвышшаў — Замкавай тары і пагорка ў раёне цяперашняга моста цераз Заходнюю Дзвіну на вул. Замкавай — абумовіла развіццё 2 пачатковых паселішчаў дафеадальнага перыяду (VI–VIII стст.). З напольнага боку, як сведчаць археалагічныя даследаванні, яны былі абкружаны штучнымі рвамі. У IX–X стст. гэтыя участкі абжывалі крывіцкія плямёны. Пазней тут узніклі першыя паселішчы гарадскога тыпу — Верхні i Ніжні замкі (дзяцінец і пасад). Паступова тэрыторыя Ніжняга замка пашыралася на поўдзень. Старажытны роў ужо страціў сваё значэнне. На дне яго Г.В. Штыхавым выяўлены сляды гаспадарчай дзейнасці віцябчан у X ст.

Наступны этап пашырэння гарадской тэрыторыі адносіцца да XI–XII стст. — перыяду росквіту старажытнарускіх гарадоў. Тэрыторыя Верхняга і Ніжняга замкаў абмяжоўваецца велізарным натуральным ярам, які, злучаны з ракой Віцьбай і двума яе рукавамі, апяразвае Замкавую гару і Ніжні замак. Глыбіня гэтага яра складала 8–12 м. У выніку Верхні замак пашырыўся ў заходнім кірунку, а Ніжні — на паўднёвы ўсход.

Пісьмовыя крыніцы XVI ст. даюць нам уяўленне пра новы этап у гісторыі горадабудаўніцтва, звязаны з імем князя Альгерда. У XIV ст. «Альгерд умацаваў Верхні замак мураванай сцяной і вежамі і ўпрыгожыў гэты замак палатамі», — паведамляе храніст XIV ст. Мацей Стрыйкоўскі. У гэты час тэрыторыя горада намнога вырасла. Верхні замак пашырыўся на захад да Заходняй Дзвіны, а Ніжні, апроч ранейшага заходняга ўчастка з царквою Благавешчання XII ст., уключыў ў сябе і ўсходнюю частку з Пятніцкаю царквою. У адрозненне ад Верхняга, Ніжні замак быў абкружаны драўлянай сцяною з вежамі.

На Узгор’і (правабярэжжа ракі Віцьбы) на аснове старажытных паселішчаў X–XIII стст., арганічна звязаных з тагачасным Віцебскам, развіваецца трэцяе звяно горада эпохі позняга сярэднявечча, якое атрымала назву «места». Тут фарміруецца гандлёвы цэнтр з ратушай, гасціным дваром, з цэрквамі — Успенскай, Васкрасенскай i Увядзенскай. У XVII ст. Узгор’е абносіцца ўмацаваннямі i ператвараецца ў «астрог».

Частыя войны, разбурэнне гарадскіх умацаванняў паступова прыводзяць да заняпаду замкаў, а з пераменаю дзяржаўнай прыналежнасці ў канцы XVIII ст. існаванне замкаў канчаткова страчвае ўсякі сэнс. Сфарміраваны ў адно цэлае на аснове замкаў i былых слабод, што прымыкалі да іх, горад у гістарычнай зоне захаваў да нашага часу сваю старажытную планіроўку.

Культурныя напластаванні ў гістарычнай зоне горада вагаюцца ад 1,5 да 12–15 м. Шматлікія археалагічныя знаходкі XIV–XVIII стст. дазваляюць вылучыць асноўныя этапы развіцця рамесніцкай вытворчасці ў сярэдневяковым Віцебску, вызначыць дыферэнцыяцыю рамёстваў, спецыялізацыю тэхнікі і элементаў тэхналогіі, стандартызацыю тэхналагічных працэсаў і саміх вырабаў. Найбольш паказальныя ў гэтых адносінах ганчарныя, абуткова-скураныя і жалезныя рэчавыя комплексы. Выразная стратыграфія культурных напластаванняў Віцебска дазваляе прасачыць цыклічнасць размеркавання ў пластах і вызначыць час бытавання тых або іншых рэчаў.

Ускладненне гаспадарчай дзейнасці пашырыла сферу ўжывання керамікі. Кераміка XIV–XVIII стст. якасна мяняецца ў параўнанні са старажытнарускай. Удасканальвалася тэхналогія вытворчасці, тэхніка апрацоўкі паверхні, вырабы набывалі разнастайную форму і памеры. Паводле формаўтваральнай прыкметы віцебская кераміка XIV–XV стст. пераклікаецца з тагачаснай славянскай керамікай сумежных тэрыторый. Шырока прадстаўлена тагачасная архітэктурна-дэкаратыўная кераміка: кафля, паліваныя пліткі, чарапіца, лякальная цэгла. У культурным пласце Віцебска сустракаецца да 90 разнавіднасцей арнаментальнага афармлення сярэдневяковай кафлі.

Шырока прадстаўлена абуткова-скураная вытворчасць. Знойдзена шмат фрагментаў абутку, скураных паясоў, рукавіц, вупражы, ножнаў. Сярод археалагічных знаходак, зробленых з жалеза, — нажы, замкі, ключы, нажніцы, падковы, рамесніцкае начынне і прылады, прадметы бытавога i гаспадарчага прызначэння. Асаблівую цікавасць выклікае знойдзены ў пласце XIV ст. хірургічны нож.

У культурным пласце Віцебска добра захаваліся арганічныя рэшткі, у тым ліку шматлікія фрагменты гарадской драўлянай забудовы. Дрэваапрацоўка ў Віцебску некалі займала адно з галоўных месцаў. Заўсёдны клопат пра ўзвядзенне абарончых збудаванняў, суднабудаўніцтва патрабавалі вялікага майстэрства рамеснікаў, што знайшло сваё адлюстраванне ў грамадзянскім і культавым будаўніцтве. Як сведчаць розныя пісьмовыя крыніцы, выдатныя віцебскія разьбяры аздаблялі шмат якія помнікі архітэктуры.

Вывучэнне познесярэдневяковага перыяду гарадоў Беларусі на падставе археалагічных матэрыялаў разгорнута яшчэ не так шырока, аднак можна не сумнявацца, што яно прынясе свой добры плён, дазволіць перайсці да раскрыцця пэўных аспектаў фарміравання сацыяльна-эканамічнага аблічча беларускага сярэдневяковага горада, дапаможа па-новаму ацаніць галоўныя кірункі развіцця яго матэрыяльнай культуры ў перыяд фарміравання беларускай народнасці.

Фармат: Pdf.

Памер: 80 KB.

СПАМПАВАЦЬ АРТЫКУЛ = СКАЧАТЬ СТАТЬЮ.